ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.
Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.Ф.Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.Л.Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)